Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навічка вядуць у штаб зь мехам на галаве». Новае пра забойства Вітольда Ашурка і парадкі ў шклоўскай калёніі


Партрэт Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, Вільня, 18 траўня 2025
Партрэт Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, Вільня, 18 траўня 2025

У межах кампаніі «Тыдзень супраць катаваньняў» актывісты «Прававой ініцыятывы» прэзэнтавалі грамадзкае расьсьледаваньне «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў папраўчай калёніі № 17 горада Шклова».

Сярод матэрыялаў абнародаваныя новыя зьвесткі пра сьмерць у гэтай калёніі вядомага актывіста зь Ліды Вітольда Ашурка. Праваабаронцы называюць тое, што здарылася з палітвязьнем 21 траўня 2021 году ў гэтай калёніі, менавіта забойствам.

Грамадзкае расьледаваньне сытуацыі ў ПК-17 праведзенае на падставе апытаньня 18 былых вязьняў калёніі, якія адбывалі там пакараньне з 2020 па ліпень 2024 году. Усяго дасьледчыкі вывучылі больш за 800 старонак паказаньняў, а таксама шэраг дакумэнтаў, датычных калёніі.

«Да Ашурка адразу было стаўленьне, як да ворага»

Сузаснавальнік «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усьцінаў, прэзэнтуючы тэкст расьсьледаваньня, адразу абазначыў прычыны, паводле якіх праваабаронцы лічаць тое, што Вітольд Ашурак быў менавіта забіты, а не памёр у выніку сардэчнай хваробы, як пазначылі ў даведцы лекары калёніі.

«Ёсьць вязьні, якія чулі тое, што адбывалася ў ШЫЗА, куды зьмясьцілі Вітольда Ашурка. Чулі, як яго там зьбівалі. Мы апыталі такіх людзей», — сказаў Сяргей Усьцінаў. Праваабаронца выключыў натуральныя прычыны сьмерці Ашурка — на ягоную думку такіх прычын не магло ўзьнікнуць паводле мэдычных паказчыкаў аб стане здароўя вязьня, калі яго прывезьлі ў калёнію ў красавіку 2021 года. Паколькі калёнія — гэта рэжымны аб’ект, значыць здарэньне з палітвязьнем мусілі расьсьледаваць, але гэтага не адбылося, даводзіць праваабаронца і робіць выснову: «У тым ліку тое, што ўлады не правялі расьсьледаваньня, указвае на тое, што гэта было забойства», — мяркуе Сяргей Усьцінаў. Паводле праваабаронцы, у забойстве палітвязьня «вінаватыя ня толькі ахоўнікі, але і мэдыкі».

Сьведкі, апытаныя аўтарамі расьсьледаваньня, згадалі пра асаблівае стаўленьне да Вітольда Ашурка адразу як таго прывезьлі ў калёнію.

Паводле паказаньняў былых вязьняў ПК-17, у калёніі, калі вязьні траплялі ў штрафны ізалятар, іх часта зьбівалі дубінкамі, а таксама ціснулі на іх псыхалягічна праз маральнае прыніжэньне і зьдзекі. «Там шырока практыкавалася і цяпер практыкуецца „вызначэньне“ чалавека ў нізкі статус, што падтрымлівае адміністрацыя. Гэта ўжывалася і адносна вязьняў з жоўтымі біркамі, якія мусяць насіць усе палітычныя», — распавёў Сяргей Усьцінаў.

«Кожнага навічка прыводзілі ў штаб калёніі з мехам на галаве», — згадвалі сьведкі. Праваабаронцы мяркуюць, што такую працэдуру прыніжэньня зьведаў і Вітольд Ашурак. Паводле дадзеных расьсьледаваньня, Вітольда Арушка адразу з каранціну, куды патрапляюць усе навічкі, накіравалі ў ШЫЗА, і для яго пачалася паласа суцэльных зьдзекаў, катаваньняў і псыхалягічнага ціску, якія закончыліся для яго толькі пасьля сьмерці.

Што, на думку праваабаронцаў, сьведчыла пра асаблівы ціск на Вітольда Ашурка, які прывёў да трагедыі? Вось якія сьведчаньні сабраныя ў грамадзкім расьсьледаваньні.

«Гэта асуджаныя перадавалі. Што ў 15 чыслах траўня ягоныя рэчы хацелі перанесьці ў пяты атрад, там, дзе нізкі сацыяльны статус. Я калі гэта ўсё даведаўся — не хачу згадваць, жах. Супрацоўнікі сказалі пакласьці ўсе ягоныя рэчы асобна ад усіх туды, да нізкага сацыяльнага статусу», — засьведчыў былы вязень ПК-17 пра абыходжаньне з Вітольдам Ашуркам. Паводле сьведкі, іншыя вязьні меркавалі, што гэтыя зьвесткі дайшлі да Вітольда, і менавіта таму ён «не хацеў выходзіць з ШЫЗА і за гэта быў там жорстка зьбіты».

Сьведкі абураліся парадкамі ў калёніі, паводле якіх, калі чалавек паклаў свае рэчы да рэчаў вязьняў з нізкім статусам ці павітаўся зь такімі людзьмі за руку, то ён аўтаматычна залічваўся ў нізкі статус. Але было вядома, што Ашурак гэтага абыходжаньня не прызнаваў, пратэставаў супраць гэтых парадкаў, таму яго зноў і зноў пакідалі ў ШЫЗА, сьведчаць былыя вязьні ПК-17.

Сьведкі назвалі прозьвішчы двух супрацоўнікаў калёніі, якія рэгулярна зьбівалі вязьняў ШЫЗА і маглі быць датычнымі да забойства Вітольда Ашурка. Гэта начальнік адзелу рэжымна-апэратыўнай працы Сяргей К. і ягоны намесьнік М.

«Калі трапляеш у штрафны ізалятар, дык заўсёды ёсьць ён, К. (прозьвішча скарочанае ў рэдакцыі — Р. С.), які будзе цябе зьбіваць. Два верагодныя забойцы — і М. ( прозьвішча таксама скарочанае — Р. С.), паколькі ён таксама займаецца зьбіцьцём. Яны там двое такія», — сьведчыць былы вязень ПК-17.

Паводле зьвестак, сабраных «Прававой ініцыятывай» Вітольда Ашурка маглі біць дубінкай па галаве, альбо моцна ўдарыць аб сьцяну. Некаторыя сьведкі не выключаюць, што трагедыя магла адбыцца і ў штабе, куды людзей вадзілі на зьбіцьцё «зь мехам на галаве».

Адміністрацыя калёніі пра траўмы на галаве Вітольда Ашурка сьцьвярджала, што яны былі атрыманыя, калі асуджаны паваліўся тварам наперад у камэры ШЫЗА. Між тым, паводле сьведчаньняў, сабраных «Прававой ініцыятывай», у суседнім з ШЫЗА памяшканьні ў гэты час было чуваць, як там зьбіваюць чалавека.

Удзельнікі грамадзкага расьсьледаваньня ня вераць, што падзеньні Вітольда Ашурка, якія трапілі на відэа, сталі прычынай ягонай сьмерці. Некаторыя са сьведкаў мяркуюць, што на відэа з падзеньнем чалавека — іншы вязень, толькі «сылюэтам падобны да Ашурка».

«Мне сказалі, што чалавек, які зьняўся на відэа, потым іншым пра гэта расказваў», — падзяліўся ўспамінамі адзін з былых вязьняў калёніі для «Прававой ініцыятывы».

Аўтары спаслаліся і на ўспаміны сваякоў Вітольда Ашурка, паводле якіх цела палітвязьня, калі яго даставілі з моргу, «было ў жудасным стане». Сваякі ня вераць у афіцыйную вэрсію, што траўмы зьявіліся ў выніку «транспарціроўкі цела».

Парадкі ў шклоўскай калёніі № 17: праца на расейскую абаронку і прымусовае «мэцэнацтва»

Аўтары расьсьледаваньня пра шклоўскую калёнію прыводзяць сьведчаньні і па іншых важных тэмах жыцьця ў калёніі. Сьведкі расказваюць пра фактычна нявольніцкую працу, у тым ліку пра выкананьне за мінімальныя грошы замоваў для расейскай ваеннай прамысловасьці, пра адсутнасьць нармальнай мэдычнай дапамогі і пра вялікую сьмяротнасьць сярод вязьняў. Таксама прыводзяцца ўспаміны пра прымус вязьняў да «мэцэнацтва» на шматлікія рамонты памяшканьняў і пра цяжкасьці побыту, якія яшчэ больш пагаршаюць становішча асуджаных да няволі. Асобна дасьледавана роля пэўных супрацоўнікаў калёніі ў катаваньнях.

Расьсьледаваньне выкладзенае на 78 старонках, у ім 25 разьдзелаў. Паводле Сяргея Ўсьцінава, ня ўсе з апытаных сьведкаў зьехалі за мяжу, некаторыя працягваюць жывуць у Беларусі, таму іх прозьвішчы праваабаронцы не адкрылі.

У шклоўскай калёніі, паводле дасьледчыкаў, утрымліваюць у сярэднім каля 100 палітычных вязьняў. Сярод іх праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Лабковіч, прафсаюзны лідэр Аляксандр Ярашук, адвакат Віталь Брагінец, журналіст Яўген Маркіс, мастак Генадзь Драздоў, стваральнік Symbal.by Павал Белавус, фігурант справы Аўтуховіча Павал Рэзановіч.

Таксама ў ПК-17 утрымліваюць вялікую колькасьць вязьняў, асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328 КК. Для гэтых людзей яшчэ ў 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка загадаў «стварыць такія невыносныя ўмовы ў калёніях, каб яны «сьмерці прасілі», — цытуюць праваабаронцы кіраўніка дзяржавы і робяць наступную выснову: «пасьля 2020 году адпрацаваную раней мэтодыку стварэньня больш жорсткіх умоваў утрыманьня для пэўных групаў асуджаных пачалі ўжываць «ня толькі на „наркаманах“, але і на палітычных».

Начальнік ПК-17 Аляксандар Карніенка і начальнік рэжымнага аддзелу Сяргей Карчэўскі ўключаныя з сьпіс асобаў, якія падпалі пад санкцыі Эўразьвязу, ЗША і Канады.

Цалкам з тэкстам расьсьледаваньня можна азнаёміцца тут.






Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG