Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі

абноўлена

Кіт Келаг (другі зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску 21 чэрвеня
Кіт Келаг (другі зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску 21 чэрвеня

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг 21 чэрвеня сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея. Вызваленыя таксама выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, фігурант справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыл Балахонаў, бізнэсовец Сяргей Шэлег.

Як высьветліў партал Reform, сярод вызваленых — грамадзянін Эстоніі Алан Раё, якога 1 красавіка 2025 году асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня». МЗС Латвіі паведаміў, што вызваленыя грамадзяне гэтай краіны Юрыйс Ганінс і Дмітрыйс Міхайлаўс. «Белсат» з спасылкай на МЗС Польшчы паведаміў, што сярод вызваленых ёсьць трое грамадзянаў гэтай краіны.

Усе яны вывезеныя зь Беларусі.

«Дзякуючы моцнаму лідэрству прэзыдэнта Трампа сёньня былі вызваленыя 14 зьняволеных зь Беларусі. Дзякуй ураду Літвы за супрацу і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным сябрам і саюзьнікам», — напісаў у сетцы X Джон Коўл, намесьнік Келага.

Дзяржаўнае агенцтва навінаў БЕЛТА працытавала прэсавую сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант:

«Прэзыдэнтам прынята рашэньне аб памілаваньні 14 асуджаных. Гэта была просьба прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. У асноўным гэта іншаземцы: 2 грамадзяніны Японіі, 3 грамадзяніны Польшчы, 2 — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швэцыі і ЗША. У сьпісе і некалькі беларусаў. Гэта асобы, асуджаныя за экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасьць. Сяргей Ціханоўскі ў тым ліку. Рашэньне аб вызваленьні Ціханоўскага было прынята Прэзыдэнтам выключна з гуманных меркаваньняў, з мэтай узьяднаньня сям’і».

Беларускія палітвязьні ў Вільні пасьля вызваленьня
Беларускія палітвязьні ў Вільні пасьля вызваленьня

Паводле БЕЛТА, «у парадку дня перамоваў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сытуацыя ў сьвеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амэрыканскія адносіны».

Размова прайшла ў палацы Незалежнасьці з удзелам чальцоў амэрыканскай і беларускай дэлегацыяў.

На відэа першых хвілінаў сустрэчы, якое распаўсюдзіў «Пул первого», Аляксандар Лукашэнка зьвяртаецца з словамі «Якія людзі!» да Джона Коўла, на што той адказвае яму: «My friend, my friend!».

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцпасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. На фота таксама памочнік Келага Джон Коўл (справа)
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцпасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. На фота таксама памочнік Келага Джон Коўл (справа)

Раней Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча. Таксама на відэа бачны сярод чальцоў амэрыканскай дэлегацыі намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сьміт. Пасьля яго ранейшага візыту быў вызвалены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык і яшчэ некалькі палітвязьняў, у тым ліку амэрыканскі грамадзянін.

За сталом перамоваў зь беларускага боку старшыня КДБ Іван Тэртэль. Перакладае спэцыяльны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў.

Напачатку размовы спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Кіт Келаг параўнаў рэзыдэнцыю Лукашэнкі з Мар-а-Лага, прыватнай рэзыдэнцыяй Дональда Трампа ў Флёрыдзе: „гэта выглядае лепей, чым гольф-клюб у Мар-а-Лага“.

«Шуму вы нарабілі ў сьвеце вельмі многа сваім прыездам. Але я зьдзіўляюся, чаму. Хіба мы ня можам весьці нармальны дыялёг і размаўляць аб нашых справах — аб адносінах паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі», — цытуе дзяржаўнае агенцтва Лукашэнку.

Паводле відэа, распаўсюджанага афіцыйнымі СМІ, Келаг сказаў наступнае: «Мы жывем у вельмі небясьпечны час, калі тыя крызісы, зь якімі мы сутыкаемся, могуць рэзка эскаляваць, разрастацца, калі мы ня будзем мудрымі і справядлівымі», — сказаў ён.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што генэрал будзе «у поўнай бясьпецы на тэрыторыі Беларусі, і за гэты час не адбудзецца ніякай эскаляцыі ня толькі ў Беларусі, але і вакол нас».

Напярэдадні камэнтуючы Свабодзе візыт Келага, кіраўнік НАУ Павал Латушка адзначыў, што прадметам перамоваў могуць быць вучэньні «Захад-2025», агульнае пытаньне ўдзелу Лукашэнкі ў вайне, тэма Кітаю, а таксама выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для нейкіх таемных перамоваў.

Дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі лічыць, што Злучаныя Штаты можа цікавіць ня толькі і ня столькі Ўкраіна.

«Мы бачым, што за апошнія месяцы дыпляматычная ізаляцыя быццам бы ўжо была прарваная. Мы бачым першага амбасадара ЭЗ, які быў накіраваны за апошнія гады (Славаччына). І візыты намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэра Сміта — гэта пэўныя крокі для прарыву дыпляматычнай ізаляцыі рэжыму і спробы размаўляць зь ім і дамагацца нейкіх пазытыўных рашэньняў», — казаў Пянькоўскі.

  • Раней пра плянаваны візыт паведамляла агенцтва Reuters з спасылкай на чатыры інфармаваныя крыніцы. Паводле іх, візыт выкліканы тым, што перамовы аб спыненьні агню паміж Украінай і Расеяй застаюцца безвыніковымі.
  • Кіт Келаг стаў найвышэйшым службоўцам ЗША, які наведае Беларусь за апошнія гады. Келаг у прыватных размовах назваў гэтую паездку крокам, які можа дапамагчы распачаць мірныя перамовы, накіраваныя на спыненьне вайны Расеі супраць Украіны, паведамілі дзьве ананімныя крыніцы.
  • Дзяржаўны дэпартамэнт і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне адмовіліся ад камэнтароў. Белы дом не адказаў на запыты аб камэнтарах.
  • У 2020 годзе, падчас першага тэрміну Дональда Трампа, дзяржаўны сакратар Майк Пампэо наведаў Беларусь, і гэта быў найвышэйшы за апошнія 20 гадоў узровень візыту прадстаўніка ЗША ў краіну Ўсходняй Эўропы. Паездка была часткай кампаніі першай адміністрацыі Трампа, накіраванай на паляпшэньне дачыненьняў зь Беларусьсю ў той час, калі дачыненьні паміж Менскам і Масквой знаходзіліся ў найніжэйшым пункце.
  • Наступнік Трампа, прэзыдэнт-дэмакрат Джо Байдэн, зьмяніў курс пасьля беларускіх выбараў 2020 году, якія міжнародныя назіральнікі асудзілі як несвабодныя і несправядлівыя. Пасьля выбараў адбыліся масавыя вулічныя пратэсты, якія былі жорстка задушаныя.
  • Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-каналу «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету для збору подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да іх не дапусьцілі.
  • 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (артыкул 293 КК), «грубым парушэньні грамадзкага парадку» (артыкул 342 КК), «перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў» (артыкул 191 КК) і «распальваньні варожасьці» (артыкул 13 КК).
  • У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
  • Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам уладаў Беларусі вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG