Пра гэта паведамляе DW.
Вярхоўны суд ЗША адкрыў шлях для дэпартацыі мігрантаў у трэція краіны, адмяніўшы ўвечары ў панядзелак, 23 чэрвеня, папярэдняе рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, які ў сярэдзіне траўня прыпыніў такія дэпартацыі. Запыт на адмену блякіроўкі накіравала Міністэрства юстыцыі ЗША ў сваім тэрміновым хадайніцтве.
На рашэньне Вярхоўнага суду адрэагавала міністэрства ўнутранай бясьпекі (МУБ) ЗША, назваўшы яго «перамогай для абароны і бясьпекі амэрыканскага народа».
«Калі б гэтыя актывісты-судзьдзі дамагліся свайго, замежнікі, якія настолькі па-барбарску сябе паводзяць, што іх уласныя краіны не хочуць прымаць іх назад, уключаючы асуджаных забойцаў, гвалтаўнікоў дзяцей і наркагандляроў, свабодна шпацыравалі б па амэрыканскіх вуліцах», — патлумачыла сваю сваю пазыцыю МУБ.
У заяве міністэрства таксама зазначаецца, што цяпер супрацоўнікі МУБ могуць «ажыцьцяўляць свае законныя паўнамоцтвы» і дэпартаваць імігрантаў без сапраўдных дакумэнтаў «у краіну, якая гатовая іх прыняць». «Запускайце самалёты для дэпартацыі», — абвяшчае апошняя фраза ў гэтым паведамленьні.
19 траўня Вярхоўны суд ЗША ўхваліў намер адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пазбавіць абароны амаль 350 тысячаў мігрантаў з Вэнэсуэлы, якім далі «статус асобаў, якія карыстаюцца часовай абаронай» у 2023 годзе. Раней МУБ вырашыла адклікаць у іх гэты статус, але фэдэральны судзьдзя ў Сан-Францыска наклаў вета.
Раней іншы суд адхіліў плян Трампа па высылцы мігрантаў.
Суд у Бостане 17 траўня адхіліў прапанову адміністрацыі Трампа аб дэпартацыі мігрантаў у Лібію і Сальвадор. Калегія з трох судзьдзяў выказала занепакоенасьць палітыкай МУБ ЗША, якая датычыцца такіх дэпартацый, дапусьціўшы магчымасьць «непапраўнай шкоды» у выпадку, калі высылкі будуць неправамернымі.
У лютым улады Сальвадора пагадзіліся прымаць дэпартаваных Злучанымі Штатамі мігрантаў, а таксама асуджаных у ЗША за гвалтоўныя злачынствы людзей і зьмяшчаць іх у мясцовую турму.
Барацьба зь нелегальнай іміграцыяй была адным з ключавых перадвыбарчых абяцаньняў Трампа ў час яго выбарчай кампаніі ў 2024 годзе.
Праграма «добраахвотнай самадэпартацыі»
Раней Белы дом абвясьціў аб запуску праграмы «добраахвотнай самадэпартацыі» для нелегальных імігрантаў. У яе рамках мігранты, якія жывуць у ЗША нелегальна, змогуць атрымаць фінансавую і арганізацыйную дапамогу для вяртаньня на радзіму, пазьбегнуўшы праблем з іміграцыйнай і мытнай паліцыяй.
Любы мігрант, які скарыстаецца адмысловай аплікацыяй CBP Home для самастойнай дэпартацыі, атрымае праз яго стыпэндыю ў памеры 1000 даляраў. Грошы будуць выплачаныя пасьля пацьверджаньня яго вяртаньня ў родную краіну, адзначылі ў МУБ ЗША.
Па словах кіраўніцы міністэрства Крысьці Ноэм, такая працэдура дапаможа зэканоміць 70% выдаткаў на дэпартацыі для амэрыканскіх падаткаплатнікаў. Цяпер сярэдні кошт арышту, утрыманьня пад вартай і высылкі нелегальнага мігранта складае больш за 17 тысяч даляраў, адзначыла ведамства.
Масавыя пратэсты супраць дзеяньняў Трампа ў дачыненьні мігрантаў
У ЗША нарастаюць пратэсты супраць антыміграцыйных рэйдаў. У Лос-Анджэлесе ў пачатку чэрвеня на фоне дэманстрацый успыхнулі беспарадкі і сутыкненьні пратэстоўцаў з праваахоўнікамі. Трамп назваў хваляваньні ў Каліфорніі «захопам і акупацыяй» з боку «нелегальных мігрантаў і злачынцаў» і накіраваў у штат салдат Нацыянальнай гвардыі і марскіх пяхотнікаў. Гэта выклікала рэзкі пратэст уладаў штата і губэрнатара Гэвіна Ньюсама, які лічыцца магчымым кандыдатам Дэмакратычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2028 годзе.
Форум