Сьцісла:
- Прапаганда дае 2 лініі тлумачэньня апошніх падзеяў — «гуманітарную» і «шпіёнскую»
- Няма пасылу, што адбываецца зьмена палітыкі.
- Калі Менск і надалей будзе імкнуцца да нармалізацыі стасункаў з ЗША, то гэта запатрабуе вызваленьня значнай часткі палітвязьняў.
- Чакаць хуткай адмены санкцыяў вельмі складана.
- Спадзявацца на істотнае паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў да заканчэньня вайны нэрэалістычна.
- Цяжка ўбачыць нейкую самастойную ролю Беларусі ў перамовах па замірэньні
— Як беларускія чыноўнікі і прапагандысты тлумачаць і камэнтуюць апошнія падзеі — сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кітам Келагам і вызваленьне 14-ці палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага? Раней прапаганда заяўляла, што той жа Ціханоўскі будзе сядзець увесь тэрмін, а ЗША — галоўны вораг Беларусі.
— Можна адзначыць 2 лініі ў тлумачэньне гэтых падзеяў. Першая — «гуманітарная». Гэты тэзіс паўтараецца ва ўсіх дзяржаўных СМІ, яго падкрэсьліваюць усе асноўныя афіцыйныя сьпікеры. Яны кажуць пра гуманнасьць уладаў, пра тое, што размова ідзе пра аб’яднаньне сем’яў. Часам зьдзекуючыся з гэтага, як Азаронак.
Але сама тэма была максымальна адпрацаваная, і ўнутранай аўдыторыі вызваленьне Ціханоўскага было патлумачанае менавіта як акт добрай волі, зьвязаны з гуманітарнымі аспэктамі.
Другая лінія, якія агучваў старшыня КДБ Тэртэль — гэта тое, што былі вызваленыя шпіёны, замежныя грамадзяне, якія вялі падрыўную дзейнасьць супраць Беларусі. Адпаведна, іхняе вызваленьне — гэта спроба дээскаліраваць сытуацыю, наладжваць адносіны, спрыяць нармалізацыі стасункаў. Тут падкрэсьліваецца, што гэта непалітычны крок, накіраваны на паляпшэньне стасункаў з замежнымі дзяржавамі.
— А як мяняецца стаўленьне да ЗША ў прапагандзе? Ці адчуваецца тут пэўны разварот? Маўляў, у адрозьненьне ад Эўропы амэрыканцы добрыя, зь імі можна мець справу?
— Збольшага так. З пэўным кансэрватызмам, з захаваньнем нэгатыву — але ўсё больш гучыць, што вось нарэшце ў Вашынгтоне ёсьць адміністрацыя, зь якой можна супрацоўнічаць. Узровень антыамэрыканізму істотна зьнізіўся.
У гэтым новым стаўленьні да ЗША я ня бачу вялікага адрозьненьня беларускай прапаганды і ўладаў ад расейскай прапаганды і ўладаў. У пэўнай ступені захоўваецца асьцярожнасьць, але відавочнае імкненьне сказаць нешта лісьлівае і прыемнае для кіраўніцтва ЗША.
— Ці не баіцца прапаганда, што беларусы могуць пачаць спадзявацца, што гэтае вызваленьне — не адзіночны выпадак, а што можа памяняцца ўся палітыка, стаць менш рэпрэсіўнай?
— Яны камэнтуюць апошнія падзеі як звычайную бягучую справу, нармальны элемэнт замежнай палітыкі кіраўніцтва дзяржавы. Прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў кажа, што «мы з амэрыканцамі на сувязі ўсе апошнія чатыры гады». Узьнікае пытаньне, а чаму ён ня кажа пра 34 гады, увесь час незалежнасьці Беларусі?
Вынікае, што не выключаецца, што такія кантакты будуць працягвацца, і магчыма, зноў будуць рабіцца падобныя крокі. Ня бачу пасылу, што адбываецца зьмена палітыкі. Яны падкрэсьліваюць, што нічога надзвычайнага не адбылося, і такія перамовы будуць працягвацца — калі будзе разуменьне з таго боку.
Вядома, калі Менск і надалей будзе імкнуцца да нармалізацыі стасункаў з ЗША, то гэта запатрабуе вызваленьня значнай часткі палітвязьняў.
Можна праводзіць аналёгіі з некаторымі іншымі краінамі, напрыклад, Эгіпет. Калі толькі адбываецца нейкая інвэстыцыйная ўгода, гэта абавязкова суправаджаецца вызваленьнем пэўнай колькасьці палітзьняволеных.
Магчыма, і ў дачыненьні Вашынгтону да Беларусі будзе выпрацаваны нейкі ўстойлівы мэханізм. Проста пакуль незразумела, што беларускія ўлады могуць даць ЗША, на што яны гатовы пайсьці, каб гэты працэс працягваўся.
— І сапраўды, вобразна кажучы, што хоча выгандлеваць ад ЗША афіцыйны Менск, дзеля чаго ён ідзе на саступкі і як далёка гатовы ў гэтым пайсьці?
— Для Менску важны дзьве рэчы: зьняцьце санкцыяў і выхад з палітычнай ізаляцыі. Я думаю, што амэрыканская адміністрацыя зараз гатовая спрыяць выхаду Менску з палітычнай ізаляцыі. Адзін прыезд амэрыканскіх прадстаўнікоў — вызваленьне палітвязьняў, другі прыезд — вызваленьне.
Што тычыцца санкцыяў, то тут значна больш складана. Як вядома, асноўны пакет санкцыяў быў уведзены не праз палітычныя рэпрэсіі, а праз вайну ва Ўкраіне. Таму чакаць хуткай адмены санкцыяў вельмі складана. Тым больш што многія зь іх пераплеценыя з эўрапейскімі, і без каардынацыі прыняць рашэньне аднаасобна будзе складана. Магчымыя і праблемы ў гэтай справе ў адміністрацыі Трампа з Кангрэсам
Хаця, што тычыцца беларускага калію, то размовы пра гэта вядуцца даўно — пачыналіся яшчэ пры адміністрацыі Байдэна. У любым выпадку, калі і будзе нейкае сымбалічнае зьняцьце, то гэта будзе вельмі кропкавае. Цалкам зьняць санкцыі — гэта вельмі складана зрабіць ва ўмовах вайны.
Увогуле чакаць вельмі істотнага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў да заканчэньня вайны нерэалістычна.
— А навошта Лукашэнка амэрыканцам? Што ён можа ім даць?
— На самой справе няшмат. У прынцыпе асноўная мэта візыту была агучана — можа быць, праз Лукашэнку знайсьці нейкія дадатковыя шляхі вырашэньня сытуацыі ва Ўкраіне, магчыма, праз уплыў Лукашэнкі на Пуціна.
Але цяжка ўбачыць нейкую самастойную ролю Беларусі ў гэтай сытуацыі — тым больш што ёсьць прамыя кантакты Расеі з амэрыканцамі. У перамовах пакуль усё зайшло ў тупік, і цяжка сказаць, нібы ў Менску ёсьць нейкія магчымасьці на гэта паўплываць. Ну, але ў якасьці дадатковага мэханізму Беларусь можа быць скарыстаныя.
Аналізуючы тэксты некаторых амэрыканскіх экспэртаў, можна заўважыць, што там абмяркоўваюцца і іншыя мэты — зрабіць Беларусь менш прывязанай да Расеі, палепшыць пытаньні бясьпекі ў рэгіёне. Але я ня бачу, якім чынам зараз гэта рэалістычна зрабіць.
Па выніках візыту Рыбакоў заявіў, што ЗША ня будуць прасіць Беларусь нешта рабіць супраць Расеі. Я думаю, так і будзе.
Форум