Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія азотныя ўгнаеньні трапляюць у ЭЗ праз фірмы-«пракладкі», нягледзячы на санкцыі, — расьследаваньне БРЦ


Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота

Беларускае прадпрыемства «Гродна Азот» ужо чацьвёрты год знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША, але яго прадукцыя працягвае трапляць на Захад. У суправаджальныя дакумэнты вытворцамі ўпісваюць іншыя кампаніі і нават іншыя краіны.

Беларускае прадпрыемства «Гродна Азот» ужо чацьвёрты год знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША, але яго прадукцыя працягвае трапляць на Захад. У суправаджальныя дакумэнты вытворцамі ўпісваюць іншыя кампаніі і нават іншыя краіны, высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар у партнэрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух» і латвійскай грамадзкай тэлерадыёкампаніяй LSM. Паводле расьсьледнікаў, за схемай стаяць высокі прадстаўнікі ўладаў Беларусі.

У справаздачы канцэрну «Белнафтахім» журналісты БРЦ знайшлі інфармацыю аб пастаўках у Эўрасаюз. Для экспарту туды выкарыстоўваюцца фірмы-пасрэднікі. Іх у справаздачы «Белнафтахіму» называюць «спэцэкспартэрамі». «Гродна Азот» нібыта здае ім у арэнду абсталяваньне завода, і афіцыйна тавар вырабляюць ужо спэцэкспартэры, а не прадпрыемства.

У даведцы для Савета міністраў Беларусі «Белнафтахім» адкрыта прызнае: «Для пераадоленьня санкцыйнага бар’ера было арганізавана прадастаўленьне ў арэнду абсталяваньня асобных вузлоў устаноўкі па вытворчасьці азотных угнаеньняў, што дае магчымасьць зьмяніць вытворцу ўгнаеньняў і стварыць умовы па простых адгрузках прадукцыі ў краіны ЭЗ зь мінімальнымі лягістычнымі затратамі». Паводле расьсьледнікаў, у дакумэнтах адрас сапраўднага вытворцы — «Гродна Азота» — падмяняюць на юрыдычны адрас спэцэкспартэра.

Калі партыя тавару прыбывае на мяжу, эўрапейскія мытнікі не бачаць, што гэта прадукцыя падсанкцыйнага прадпрыемства. Паводле такой схемы, згодна з дакумэнтамі, на якія спасылаецца БРЦ, у 2024 годзе амаль палова экспарту «Гродна Азоту» — амаль 200 тыс. тон азотных угнаеньняў на няпоўныя $60 млн — ішла ў Эўразьвяз.

БРЦ выкрыў шэсьць спэцэкспартэраў прадукцыі падсанкцыйнага прадпрыемства. Сярод іх — фірмы, зьвязаныя з бізнэсоўцам Мікалаем Варабʼём. ЭЗ і ЗША наклалі на яго санкцыі, называючы «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Другая група кампаній, паводле расьсьледнікаў, ускосна зьвязана з былым асабістым трэнэрам Лукашэнкі па тэнісе, а цяпер адным з вядомых беларускіх бізнэсоўцаў, набліжаных да ўлады, Сяргеем Цяцерыным.


Новая схема

Як адзначаецца ў расьследаваньні БРЦ, у канцы 2024-га — пачатку 2025-га году Варшава пачала блякаваць дзейнасьць усіх вядомых спецэкспартэраў. На працягу некалькіх месяцаў усе яны патрапілі ў нацыянальныя санкцыйныя сьпісы Польшчы, і экспарт азотных угнаеньняў праз гэтую краіну цалкам спыніўся. Літва істотна ўзмацніла кантроль за імпартам азотных угнаеньняў зь Беларусі яшчэ раней: пасьля таго, як у лютым 2023 года актывісты «Рабочага Руху» заблякавалі грузавікі з грузам падсанкцыйнага тавару на беларуска-літоўскай мяжы.

Аднак нават пасьля гэтага схема з абыходам санкцыяў не зьнікла, піша БРЦ. Паводле Эўрапейскага статыстычнага агенцтва, паставак азотных угнаеньняў з Беларусі ў Латвію не было 4 гады, але ў пачатку 2025 году яны зноў зьявіліся ў сьпісе экспартных тавараў. Праз Латвію ўгнаеньні зь Беларусі едуць кліентам зь Нямеччыны, Вугоршчыны і іншых эўрапейскіх краін.

Паводле расьсьледнікаў, спэцэкспартэры, як і раней, бяруць прадукцыю на «Гродна Азоце», але грузаадпраўнікам у Латвію выступаюць новыя беларускія фірмы, якія раней не былі заўважаныя ў экспарце забароненых тавараў у Польшчу. БРЦ сьцьвярджае са спасылкай на атрыманыя дакумэнты, што з пачатку 2025 году такім чынам у Латвію ўехала як мінімум 278 вагонаў з азотнымі ўгнаеньнямі.

Журналісты БРЦ знайшлі тры новыя беларускія кампаніі-«пракладкі», якія ўдзельнічаюць у экспарце па новым кірунку. Паводле расьсьледнікаў, усе тры кампаніі зьвязаныя паміж сабой і, ускосна, зь Віктарам Шэйманам — блізкім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі, былым кіраўніком яго справамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG