Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руднік: Варта чакаць новых вызваленьняў; Дуліна: Ніводнага ліста паперы не пакінулі


Дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік. Былая палітзьняволеная, выкладчыца Натальля Дуліна. Ілюстрацыйны каляж
Дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік. Былая палітзьняволеная, выкладчыца Натальля Дуліна. Ілюстрацыйны каляж

Калі выйдуць на свабоду Бяляцкі, Бабарыка, Калесьнікава, Статкевіч?

У эфіры «ПіКу Свабоды» размаўляем з былой палітзьняволенай, выкладчыцай Натальляй Дулінай пра тое, чаму адбылася фактычна яе дэпартацыя зь Беларусі, а таксама пра адзін дзень палітзьняволенай у Гомельскай калёніі. А з дырэктаркай Цэнтру новых ідэяў Лесяй Руднік гаворым пра тое, чаму стала магчымым вызваленьне палітвязьняў і ці будзе працяг.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Руднік: Важнай часткай зьяўляецца ад’езд гэтых людзей зь Беларусі

— Паводле вашага аналізу, ці будуць далейшыя вызваленьні ў тым ліку знакавых палітвязьняў — Бяляцкага, Бабарыкі, Калесьнікавай, Статкевіча?

Леся Руднік: Гэта чалавечае жыцьцё, чалавечая свабода, і тут складана рабіць такія разьлікі без дадатковай інфармацыі. Я чакаю, што гэта адбудзецца. Таму што пасьля вызваленьня Ціханоўскага мы разумеем, што ў прынцыпе магчыма ўсё, але ня толькі магчыма, але таксама і лягічна. Мне падаецца, што рэжым даў вельмі ясны сыгнал, што ён гатовы супрацоўнічаць па пытаньнях палітзьняволеных.

Я думаю, што важнай часткай зьяўляецца ад’езд гэтых людзей зь Беларусі. Напэўна, гэтую выснову прадстаўнікі беларускага рэжыму зрабілі цягам апошніх гадоў, калі пабачылі, як абмежаваныя дэмакратычныя сілы ва ўплыве на сытуацыю ўнутры краіны, калі яны зьяжджаюць за межы Беларусі. А таксама гэта можа счытвацца на міжнароднай арэне як добры гуманны крок. Таму я думаю, што варта чакаць новых вызваленьняў. Тут пытаньне, як рэжым сам прыярытызуе гэтых палітзьняволеных, хто ўмоўна зьяўляецца больш знакавым ці за каго яны будуць спрабаваць выбіць больш пазытыўныя для сябе рэчы датычна міжнароднага іміджу ці зьняцьця санкцый, ці прадстаўніцтва дыпляматычнага ўнутры краіны і гэтак далей.

Дуліна: У мяне такое адчуваньне, што мяне проста перакінулі праз плот

— Спадарыня Натальля, ці ёсьць у вас дакумэнты пра вызваленьне? Ці вас проста выдварылі з краіны без адзінай паперкі?

Натальля Дуліна: У мяне такое адчуваньне, што мяне проста перакінулі праз плот, а сьледам за мной — мае торбы з рэчамі, прычым некаторых рэчаў, якія там былі, ужо няма. Ніводнага ліста паперы не пакінулі. Засталася адна асадка і адзін аловак. А прысуду няма. У мяне была папка з дакумэнтамі, зь якімі я прыехала ў калёнію — нічога гэтага няма. Я ўжо маўчу пра даведку аб вызваленьні — яе няма. Я наогул не разумею, хто я і які ў мяне статус, і як мне даказаць, што я — гэта я, акрамя пашпарта. Ну так, я — грамадзянка Беларусі, але дзе я была і што са мной адбывалася — нібыта нічога незразумела.

Я ня ведаю, ці гэта было наўмысна зроблена. У мяне вельмі часта ўзьнікае адчуваньне, што людзі робяць нешта проста з абыякавасьці, выбачаеце, тупа выконваючы загад. І ўсё, што выходзіць за рамкі мінімуму, за які можна атрымаць вымову ад начальства, можа разглядацца як нейкая дробязь. Калі ты нешта ня зробіш — ну і нічога страшнага. Я хачу прывесьці прыклад. Я прымаю пэўныя лекі. Сваякі дасылалі мне гэтыя лекі, іх захоўвалі ў спэцыяльнай скрынцы, дзе быў напісаны нумар атрада... А калі адна з асуджаных жанчын, якая мела пэўныя абавязкі, пайшла ў мэдсанчастку, ёй сказалі: «Нічога ня ведаю, не знаходжу», хаця я ўсё дакладна пазначыла — дзе і як. І вось я была бязь лекаў, якія мне жыцьцёва неабходныя. І гэта не было нейкае адмысловае заданьне, гэта проста такое стаўленьне да жыцьця.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG