Больш за трыццаць вакансій мае Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», вынікае з інфармацыі на афіцыйным сайце Службы занятасьці, заўважыла выданьне Reform. Кінафабрыка шукае намесьнікаў гендырэктараў, дырэктараў падразьдзелаў, адміністратараў, адмыслоўцаў, артыстаў, мастакоў-дызайнэраў кампутарнай графікі, касьцюмэраў, архівістаў, кладаўшчыкоў.
Намесьніку гендырэктара прапаноўваюць 3000 рублёў, дырэктару студыі ігравых фільмаў — 1500-2100 рублёў, галоўнаму бухгальтару — 1800-2800 рублёў, артысту драмы — 1200-1500 рублёў.
Шмат вакансій мае і Тэатар-студыя кінаактора, якая ўваходзіць у структуру «Беларусьфільму».
Там патрабуецца і дырэктар тэатру (2200-4000 рублёў), і намесьнік дырэктара (1000-1800), і рэжысэр-пастаноўшчык (850-900 рублёў), загадчык білетнай касай (726-1000 рублёў), інжынэр-праграміст (726-1000 рублёў), электраманцёр (200-300 рублёў).
10 чэрвеня на кінастудыю прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка, які і дагэтуль крытыкаваў стан рэчаў у беларускім кінематографе. Ён зноў запатрабаваў здымаць якаснае і самаакупляльнае кіно. Тады ж міністар культуры Руслан Чарнецкі, сам актор паводле спэцыяльнасьці, адрапартаваў, што ўжо нібыта пачаўся працэс вяртаньня якасных кадраў на кінастудыю.
Кіраўнік «Беларусьфільму» Дзьмітры Сямёнаў абяцаў прыступіць да здыманьня сэрыялаў, якія знойдуць водгук у гледача.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка разьнёс «Беларусьфільм» за няякаснае кіно. Міністар культуры: «Кіношнікі разьехаліся. Але мы іх вернем»