У Грузіі асудзілі трох лідэраў апазыцыйных партый на пазбаўленьне волі.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», заснавальнікі партыі «Лело — Моцная Грузія» Мамука Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ правядуць у зьняволеньні па 8 месяцаў, а заснавальнік партыі «Гірчы» Зураб Джапарыдзэ — сем месяцаў. Усім апазыцыянэрам суд на два гады забараніў займаць дзяржаўныя пасады.
На момант судовага пасяджэньня Зураб Джапарыдзэ ўжо знаходзіўся пад вартай, а Мамуку Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ затрымалі 23 чэрвеня ў Тбілісі ў офісе партыі, дзе на той момант прысутнічалі іхныя прыхільнікі, прадстаўнікі іншых апазыцыйных сіл, а таксама пятая прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
На 7 месяцаў пазбаўленьня волі 24 чэрвеня асудзілі яшчэ аднаго апазыцыйнага палітыка, лідэра партыі «Стратэгія Агмашэнэбэлі» Георгія Вашадзэ. Яму таксама забаранілі цягам двух гадоў займаць адказны пасады ў дзяржаве.
Як і ў першым выпадку, Георгія Вашадзэ асудзілі за няяўку на пасяджэньне парлямэнцкай камісіі. На абвяшчэньні выраку ён таксама не прысутнічаў. Паводле журналістаў, ён знаходзіцца ў офісе партыі.
Як адзначыла Саламэ Зурабішвілі, якая знаходзіцца ў офісе партыі «Стратэгія Агмашэнэбэлі», дзеяньні ўладаў сьведчаць аб унутраным разладзе і ўзмацненьні рэпрэсіяў, а таксама аб страху ўнутры сыстэмы. Паводле яе, апазыцыю і грамадзтва Грузіі чакаюць складаныя часы, але негвалтоўны пратэст неабходна працягваць.
Асуджаныя апазыцыйныя палітыкі не прызнаюць сваёй віны і называюць перасьлед палітычным.
Афіцыйнай мэтай парлямэнцкай камісіі зьяўляецца «расьсьледаваньне злачынстваў папярэдняга ўраду».
Мамуку Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ выклікалі на пасяджэньне камісіі для разгляду справы аб ціску на бізнэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі затрымалі яшчэ аднаго лідэра апазыцыі