Чаго Лукашэнка хоча ад Трампа?

Аляксандар Лукашэнка і Кіт Келаг у Менску, 21 чэрвеня 2025

Сустрэча з высокапастаўленым прадстаўніком адміністрацыі ЗША Кітам Келагам і вызваленьне знакавых палітвязьняў сьведчаць аб тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць пажаданьні да Дональда Трампа. Якія — аналізуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Сьцісла:

  • Афіцыйны Менск хацеў бы ад ЗША аслабленьня санкцыяў (у тым ліку і эўрапейскіх), прызнаньня ў розных формах, а таксама балянсаваньня ўплыву Расеі.
  • Пры гэтым Лукашэнка павінен дзейнічаць асьцярожна, каб ня выклікаць у Масквы адчуваньня «здрады» саюзьніка.
  • Санкцыі могуць прывесьці адно да вызваленьня палітвязьняў, аднак не да істотнай зьмены характару рэжыму.


Тры пажаданьні Лукашэнкі

Што трэба Лукашэнку ад ЗША, у прыватнасьці, ад прэзыдэнта Дональда Трампа?

Першае пажаданьне — аслабленьне (у ідэале — скасаваньне) амэрыканскіх санкцыяў, амэрыканскае спрыяньне аслабленьню (у ідэале — скасаваньню) санкцыяў Эўразьвязу.

Відавочна, што санкцыі, амэрыканскія ў тым ліку, пакуль не абрынулі беларускую эканоміку, не прымусілі Лукашэнку да кардынальнай зьмены яго палітыкі. Аднак яны безумоўна стваралі і ствараюць праблемы ў эканоміцы, учынялі эканоміцы «боль», ад якога ўладам хацелася б пазбавіцца.

Эканамічнае супрацоўніцтва, якое заблякавалі санкцыі, было выгаднае Беларусі, і афіцыйны Менск у прынцыпе зацікаўлены ў тым, каб гэтыя выгоды вярнуць.

Найбольш адчувальнымі, балючымі зьяўляюцца санкцыі краінаў ЭЗ

Сытуацыя беларускага рэжыму не такая, каб ён для выжываньня быў гатовы на любыя саступкі, але на некаторыя — у прынцыпе гатовы.

Найбольш адчувальнымі, балючымі зьяўляюцца санкцыі краінаў ЭЗ. Эканамічнае ўзаемадзеяньне Беларусі з Эўропай і раней, і цяпер значна больш маштабнае, чым з Амэрыкай.

Аслабленьне ўласна амэрыканскіх санкцыяў наўпрост не вырашае праблему эўрапейскіх санкцыяў. Але афіцыйны Менск можа спадзявацца на тое, што Вашынгтон мае магчымасьць ў гэтым пытаньні паўплываць на эўрапейскіх саюзьнікаў.

Беларуская ўлада шмат гадоў паўтарала мантру пра тое, што эўрапейскія краіны, эўрапейскія лідэры — бязвольныя марыянэткі «заакіянскіх лялькаводаў». Пасьля вяртаньня ў Белы дом Дональда Трампа гэты прапагандысцкі наратыў крыху памяняўся, надта відавочным сталі адрозьненьні ў палітыцы ЗША і іх эўрапейскіх саюзьнікаў.

Прымітыўная байка пра лялькаводаў і марыянэтак ня мела і ня мае рацыі, аднак уплыў ЗША, лідэрства ЗША — гэта і сапраўды палітычная рэальнасьць. Уплыў гэты не абсалютны, яго ступень можа мяняцца, але ў любым выпадку нельга лічыць зусім беспадстаўным разьлік на тое, што Трамп можа ня толькі сам аслабіць санкцыі, але і пераканаць эўрапейцаў у той ці іншай ступені зрабіць тое самае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка вызваліў Ціханоўскага. Відэаэфір з палітолягам Класкоўскім

Другое пажаданьне Лукашэнкі адносна ЗША — палітычнае прызнаньне.

З гэтым сытуацыя падобная на сытуацыю з санкцыямі. Палітыка непрызнаньня беларускага рэжыму, яго ізаляцыя не абрынула яго. Аднак пэўныя праблемы — як палітычнага, гэтак і псыхалягічнага кшталту — гэтая палітыка для Лукашэнкі стварае. І іх яму ў прынцыпе хацелася б вырашыць. У сьвеце існуе шмат недэмакратычных, рэпрэсіўных рэжымаў. Аднак толькі невялікая купка зь іх зазнаюць санкцыі і непрызнаньне. Лукашэнка не прэтэндуе на прызнаньне яго сьветачам дэмакратыі, але быць у статусе іранскіх аятолаў няўтульна. Куды больш утульна быць у кампаніі лідэраў, скажам, Азэрбайджана, Узбэкістана, Эгіпту і Віетнаму.

Поўнай, пасьлядоўнай ізаляцыі Лукашэнкі па сутнасьці не было ніколі

Поўнай, пасьлядоўнай ізаляцыі Лукашэнкі па сутнасьці не было ніколі. У 2020 годзе, у разгар пратэстаў Лукашэнку патэлефанаваў тагачасны дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, у 2021 годзе — канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, у 2022 годзе, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны — прэзыдэнт Францыі Эманюэлю Макрон.

Аднак хацелася б больш сталай і частай камунікацыі. І візыт Кіта Келага можа стаць пачаткам гэтай новай тэндэнцыі.

Узмоцненая вэрсія гэтага пажаданьня — ня проста аднаўленьне камунікацыі і дыялёгу, а ангажаваньне афіцыйнага Менску ў вырашэньне міжнародных праблемаў, кшталту перамоваў аб мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне ў Менску ў 2015 годзе. І пры гэтым па вялікім рахунку ня важна, у якія міжнародныя перамовы і на якіх умовах будзе ангажаваны Лукашэнка, галоўнае — каб хоць у нейкія, каб прысутнічаць у міжнародным парадку дня ў якасьці хай і не ключавога, але самастойнага гульца.

Дэталі шматгадзінных перамоваў Лукашэнкі і Келага невядомыя, але тэма нейкага ўдзелу Беларусі ў вырашэньні міжнародных праблемаў на іх закраналася і была хіба не галоўнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіт Келаг заявіў, што на сустрэчы з Лукашэнкам абмяркоўваў спыненьне вайны ва Ўкраіне

Да вяртаньня Трампа да ўлады палітыка частковага непрызнаньня рэжыму Лукашэнкі была кансэнсуснай для ўсяго Захаду. Па гэтым пытаньні ў заходнім істэблішмэнце не было нават спрэчак, альтэрнатыўны пункт гледжаньня выказвалі адно некаторыя экспэрты і аналітыкі.

А цяпер, так выглядае, падыход мяняе дзяржава, якая ёсьць негалосным лідэрам Захаду. Гэта не загад усім астатнім, але прынамсі нагода для рэфлексіяў наконт плёну і мэтазгоднасьці ранейшай кансэнсуснай палітыкі.

І нарэшце — трэцяе пажаданьне Лукашэнкі да ЗША, гэта балянсаваньне надзвычай моцнага ўплыву Расеі. Размова не ідзе пра тое, што Беларусь стане палітычным ці вайсковым саюзьнікам ЗША, нават пакуль не ідзецца пра вяртаньне ў стан адносінаў канца 2010-х гадоў, калі Менск наведвалі Пампэо і дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан.

Размова ідзе адно пра пэўную дывэрсыфікацыю міжнародных адносінаў, пра карэкцыю фактычна манапольнага ўплыву Расеі на Беларусь.

Не злаваць Расею

Усе гэтыя тры пажаданьні пры прэзыдэнце Трампе не зьяўляюцца ў прынцыпе недасягальнымі. Але перашкоды на шляху іх рэалізацыі існуюць істотныя. Адной зь іх зьяўляецца пазыцыя Масквы. Цяпер сама Расея вядзе інтэнсіўны дыялёг са Злучанымі Штатамі. І гэта ў пэўным сэнсе зьяўляецца індульгенцыяй і Лукашэнку рабіць крокі ў тым жа накірунку.

Лукашэнка і Пуцін у Валгаградзе ў красавіку 2025

Але выглядае, што прастора дапушчальнага для Беларусі з пункту гледжаньня Масквы ня вельмі шырокая. Як толькі Крамлю прымроіцца цень геапалітычнай здрады Лукашэнкі, меры ў адказ могуць быць вельмі суровымі. І таму ён суправаджае асьцярожныя кантакты з амэрыканцамі каскадам запэўніваньняў у вернасьці і адданасьці Расеі. Можна чакаць, што чарговая порцыя гэтых запэўніваньняў прагучыць 26-27 чэрвеня, падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Менску з удзелам Уладзіміра Пуціна.

Якія з апісаных вышэй пажаданьняў Лукашэнкі да Вашынгтону будуць зрэалізаваныя, зараз сказаць складана. Але важнае пытаньне, каму пойдзе на карысьць іх рэалізацыя, калі яна адбудзецца. Ясна, што ў той ці іншай ступені гэта паспрыяе ўмацаваньню кіроўнага ў Беларусі рэжыму. Аслабленьне санкцыяў вырашыць шэраг эканамічных праблемаў Лукашэнкі, прызнаньне і зьмяншэньне ўплыву Расеі — палітычных і геапалітычных. Нагадаю, што ранейшая палітыка Захаду і сыходзіла зь неабходнасьці перадухіліць гэтае ўмацаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін ня мае пляну Б для Беларусі. Аналіз Валера Карбалевіча

Інтарэсы Лукашэнкі і Беларусі — гульня з нулявой сумай?

Але ці толькі такія наступствы будзе мець зьмена палітыкі ЗША і, магчыма, Эўропы? Інтарэсы Лукашэнкі і інтарэсы Беларусі — ці ўяўляе іх узаемадзеяньне гульню з нулявой сумай, у якой выйгрыш аднаго боку ёсьць пройгрыш іншага і наадварот? Зьмяншэньне манапольнага ўплыву РФ на Беларусь умацуе ня толькі Лукашэнку, але і сувэрэнітэт Беларусі. Дывэрсыфікацыя гандлю можа палепшыць эканамічнае становішча як насельніцтва, гэтак і бізнэсу, аднавіць разнастайныя кантакты беларусаў з краінамі Захаду. Нават прызнаньне рэжыму і яго кіраўніка можа падвысіць яго самастойнасьць. Самастойны дыктатар — гэта горш, чым самастойны дэмакратычны лідэр, але ў нечым лепш, чым дыктатар — васал суседняй дзяржавы.

Да таго ж спалучэньне гэтых фактараў можа прывесьці да зьмяншэньня градусу рэпрэсіяў. Наўрад ці да скасаваньня. Размова ідзе не пра ператварэньне дыктатуры ў дэмакратыю, а пра ператварэньне цяперашняй брутальнай дыктатуры ў менш брутальную.

Выглядае, што палітычна санкцыі адносна Беларусі могуць мець толькі такі плён — іх можна абмяняць на вызваленьне палітвязьняў.

Нешта падобнае назіралася ў Беларусі ў папярэдніх раўндах нармалізацыі адносінаў з Захадам — пасьля 2008 году і пасьля 2014 году. У 2010-м і 2020-м годзе пэрыяды хай куртатай і непасьлядоўнай, але лібэралізацыі былі спыненыя, аднак жыцьцё ў Беларусі ў тыя пэрыяды было нашмат вальнейшым, чым цяпер.

Тыя пэрыяды паказалі, дарэчы, адну важную асаблівасьць. Санкцыі, якія ўводзіліся адносна Беларусі раней, суправаджаліся вялікімі сьпісамі патрабаваньняў да афіцыйнага Менску — умовамі іх скасаваньня. У выніку санкцыі былі скасаваньня фактычна адно за вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Выглядае, што палітычна санкцыі адносна Беларусі могуць мець толькі такі плён — іх можна абмяняць на вызваленьне палітвязьняў. Ніякіх іншых наўпроставых зьменаў паводзінаў рэжыму пры іх дапамозе дасягнуць немагчыма. Прынамсі, у мінулым было немагчыма.

Ускосна ў тыя пэрыяды нармалізацыі адносінаў з Захадам насамрэч у Беларусі сёе-тое мянялася. Тагачасную лібэралізацыю многія ганілі за непасьлядоўнасьць і абмежаванасьць. Але на фоне цяперашніх парадкаў у Беларусі перавагі тых пэрыядаў выглядаюць вельмі выразна.

Ня выключана, што адміністрацыя Трампа ў зьмене палітыкі адносна Беларусі сыходзіла ў тым ліку і з аналізу досьведу папярэдняй палітыкі, з высноваў наконт таго, чаго і якімі сродкамі можна ў Беларусі дамагчыся, а чаго — нельга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шмат залежыць ад таго, ці будуць здольныя эўрапейцы перагледзець сваю палітыку, — Кавалеўскі пра вызваленьне палітвязьняў