«Абменныя апэрацыі пачаліся, наколькі я памятаю, 21 верасьня 2022 году — была праведзеная першая апэрацыя. З таго моманту мы правялі 38 абменных апэрацый, у выніку якіх ажыцьцяўляліся абмены ваеннапалоннымі, цывільнымі асобамі, дзецьмі з аднаго і зь іншага боку. Праводзілася ўзьяднаньне сямей. На жаль, абмен целамі загінулых», — сказаў Іван Тэртэль у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».
Паводле яго, КДБ займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі і каардынуе ўзаемадзеяньне зь іншымі структурамі Беларусі.
Іван Тэртэль адзначыў, што ў Беларусі застаюцца на лячэньне шмат параненых. «Памежныя лякарні, і ня толькі памежныя, у нас загружаныя гэтым кантынгентам у тым ліку», — дадаў ён.
У той жа час Іван Тэртэль не згадаў грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі, трапілі ва ўкраінскі палон і былі перададзеныя ў межах абменаў.
За апошні час Ўкраіна перадала ў межах абменаў з Расеяй, што адбываліся на беларускай тэрыторыі, чатырох беларусаў: Яўгена Камянькова з Бабруйску, які быў ва ўкраінскім палоне зь вясны 2024 году, Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў баях у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году.
У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.
Пасьля таго, як у жніўні 2024 году ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.
Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі, а ў расейскім — сама меней двое.