Выдаткі на абарону, Украіна і Трамп. Чаго чакаць ад саміту NATO ў Гаазе

24–25 чэрвеня 2025 году кіраўнікі краін NATO зьбяруцца ў Гаазе. Галоўным пытаньнем будзе павышэньне мінімуму выдаткаў на абарону да 5% ВУП, піша аглядальнік RFE/RL Рыкард Юзьвяк.

У чаканьні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа некаторыя асьцерагаюцца паўтору скандальнага саміту 2018 году, калі Трамп пагражаў выхадам ЗША з альянсу.

Плянка ў 5% выдаткаў на абарону, прапанаваная генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ, уключае 3,5% на ўзбраеньне і 1,5% на «ўстойлівасьць». Гэтыя 1,5% могуць уключаць выдаткі на інфраструктуру і падтрымку Ўкраіны.

Але ўвядуць такую плянку ці то ў 2032, ці то ў 2035 годзе. А ў 2029-м, магчыма, перагледзяць.

У праекце дэклярацыі саміту згадваецца 5-ы артыкул аб дапамозе кожнай краіне NATO пры нападзе на яе. Таксама адзначаецца, што Расея застаецца «пагрозаю» для эўраатлянтычнай бясьпекі.

Пытаньне сяброўства Ўкраіны ў NATO адышло на другі плян пасьля таго, як Трамп назваў далучэньне Ўкраіны да альянсу нерэальным. У праектах выніковых дакумэнтаў згадкі пра магчымае сяброўства Ўкраіны няма.

На саміце чакаюць таксама прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, ён возьме ўдзел у некаторых падзеях і сустрэчах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвет увайшоў у новую небясьпечную гонку ядзерных узбраеньняў — Інстытут дасьледаваньня міру