Вучэньні будуць праходзіць пяць дзён.
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні з 23 па 27 чэрвеня лётна-тактычнага вучэньня з удзелам авіяцыі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства, на вучэньнях адпрацоўваюць вывад авіяцыйных падразьдзелаў з-пад умоўнага ўдару сродкаў паветранага нападу праціўніка, нанясеньне ўдараў па наземных цэлях, вынішчальнае прыкрыцьцё іншых родаў авіяцыі, паветраную выведку, эвакуацыю экіпажаў самалётаў, якія пацярпелі крушэньне, іншыя баявыя заданьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік літоўскага войска адрэагаваў на заяву Хрэніна пра перанос вучэньняў «Захад-2025» углыб Беларусі- Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
- На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
- 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.